Поезд Памяти

 

 

 

06.01.2023

Победитель школьного этапа конкурса "Я патриот своей страны" в рамках проекта "Поезд Памяти":

 

Эссе победителя школьного этапа конкурса "Я патриот своей страны" в рамках проекта "Поезд Памяти"

 

Эссе «О той весне…»

 

З успамінаў Зямлі Беларускай.

 

             На пачатку лета 1941 года стаяла яснае, сонечнае надвор'е, зелянелі сады і скверы, было шмат кветак. Паўсюль чуліся спевы, гукі патэфонаў і гармонікаў, але мне было вельмі трывожна. Я ведала аб падзеях у суседніх краінах і адчувала, што хутка пагроза прыйдзе і да нас, хутка кроў будзе пралівацца і тут.

             А вайна, між тым, дзесьці ішла. Нешта адбывалася, але ніхто нічога толкам не ведаў. У шпіталі сталі прывозіць параненых, мабілізаваныя з'язджалі і з'язджалі.

Супакойвалі мяне толькі дзеці. Малыя і падлеткі, якія гулялі па бязмежных палях, купаліся ў рачулках, радаваліся кожнаму імгненню жыцця. Яны ўсміхаліся. Я думала пра тое, што праз некалькі дзясяткаў гадоў іх вусны будуць усміхацца больш сталымі ўсмешкамі, і мне заўсёды станавілася так спакойна. Хто ж тады мог падумаць, што гэтыя, тады яшчэ зусім дзеці, хутка возьмуць у рукі зброю і пачнуць абараняць сваю Айчыну?

Пачалася вайна, доўгая, крывавая… Такога яшчэ не было на маёй памяці. Колькі страт панесла краіна, колькі чалавечых лёсаў было скалечана. Я дрыжала ад выбухаў, кроў лілася ракой, боль немагчыма было зменшыць… Але людзі… Яны змагаліся, яны ахвяравалі сабой зноў і зноў дзеля мяне, дзеля будучых пакаленняў, дзеля лепшай долі. На гэтай вайне, як ніколі, праявіўся характар савецкіх народаў, у тым ліку беларускі характар. Беларусы паказалі, што ўмеюць быць не толькі талерантнымі, але і мужнымі, калі гэтага патрабуюць абставіны.

Выбух… Адзін… Другі… Трэці… Колькі іх яшчэ будзе?.. Ніколі я так не хвалявалася пра сваіх сыноў. Ніколі над імі не навісала яшчэ такая велізарная небяспека. Ніколі чалавечае жыццё не было такім каштоўным. Ніколі…

Нават, калі ход вайны карэнным чынам змяніўся, і савецкія войскі адваёўвалі мяне ў захопнікаў, ахвяр усё яшчэ было шмат, людзям цяжка было змагацца з усімі тымі няшчасцямі (гэта слова не апісвае і палову таго, што сапраўды адбывалася), што ўсклаў лёс на іх плечы. А што магла я? Толькі глядзець, глядзець і шчыра верыць у Перамогу, у меншыя страты ды паглынаць кроў і слёзы.

І вось яна… Доўгачаканая Перамога! Радасць і гора зліліся ў адно бязмежнае пачуццё, але ж хіба ёсць слова на гэтай зямлі, каб апісаць гэты стан? Так скончылася вайна…

…Так пачалася пасляваенная гісторыя. Мяне зноў радуюць дзеці. На іх тварах зноў з’яўляюцца нявінныя і шчырыя ўсмешкі. Яны прачынаюцца раніцай, бесклапотна праводзяць свой дзень, а ў вечары… а ў вечары садзяцца разам з бабулямі і просяць паказаць скарб. Тады бабулі дастаюць з паліцы ці шафы скарбонак і перадаюць у рукі сваім унукам, якія, хоць і не разумеюць усёй значнасці скарбу, але вельмі асцярожна абыходзяцца з ім. Калі яны адчыняюць скарбонак, іх невялікія вусны крыху разыходзяцца. Перад імі ляжаць бліскучыя медалі і ордэны. Яны пачынаюць усміхацца і прымяраць іх на сябе. Яны радуюцца, як зусім нядаўна больш дарослыя людзі радаваліся Перамозе.

Затым дзеці падрастаюць. Яны прачынаюцца раніцай, днём вырашаюць свае падлеткавыя справы, а ў вечары… а ў вечары зноў садзяцца разам з бабулямі і просяць расказаць гісторыю скарба. Яны ўжо не ўсміхаюцца, як раней, а са слязьмі на вачах шэпчуць словы падзякі сваім продкам, якія падарылі ім жыццё. Праходзіць яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў, і дзеці ператвараюцца ў дарослых са сваімі клопатамі і абавязкамі.

А ў вечары…, а ў вечары зноў яны перадаюць той скарб сваiм дзецям i кажуць што, кожны чалавек, які жыве і дыхае сёння, павінен быць бясконца ўдзячны бабулям і дзядулям. Бо менавіта дзякуючы ім быў створаны свет, у якім пануе спакой. Мы абавязаны памятаць аб тых страшных часах і перадаваць гісторыю з пакалення ў пакаленне, таму што незлічоная колькасць ахвяр не перашкодзіла нашай вялікай зямле перамагчы фашызм. Мы абавязаны ганарыцца тым, што мы — беларусы, тыя самыя, якія 77 гадоў таму не здаліся, не прайгралі, а засталіся верныя сваёй краіне — засталіся патрыётамі.

Як жа я ўдзячная вам, дарагія ветэраны! Нада мной зноў мірнае неба і яркае сонца, чыстае паветра і водар траў. Ці недастаткова толькі гэтага, каб памятаць пра подзвіг, які здзейснілі яны дзеля нас, дзеля нашай будучыні?